АЎТАМАТЫ́ЧНАЯ МІЖПЛАНЕ́ТНАЯ СТА́НЦЫЯ,

непілатуемы касмічны апарат для дастаўкі навук. апаратуры да нябесных целаў і вывучэння міжпланетнай касмічнай прасторы. На іх борце размяшчаецца апаратура для навук. даследаванняў, тэлеметрычная для перадачы інфармацыі, тэлевізійная для атрымання відарысаў. Аснашчаецца ракетнымі рухавікамі для карэкцыі траекторыі палёту, сістэмамі астраарыентацыі, мяккай пасадкі, парашутнымі сістэмамі і інш. Энергасілкаванне бартавой апаратуры забяспечваецца сонечнымі батарэямі. Некаторыя аўтаматычныя міжпланетныя станцыі маюць апараты для спуску на інш. планеты; кіраванне спускам ажыццяўляецца бартавой навігацыйнай выліч. машынай. У шэрагу выпадкаў навук. даследаванні праводзяць пры дапамозе штучных спадарожнікаў планет. Да аўтаматычных міжпланетных станцый адносяцца: сав. станцыі серый «Месяц», «Венера», «Марс», «Зонд» і інш.; амер. «Марынер», «Рэйнджэр», «Сервеер», «Піянер», «Вояджэр» і інш.; заходнееўрапейская «Джота»; японская «Планета-А». Першыя ў свеце аўтаматычныя міжпланетныя станцыі: «Піянер» (1958, ЗША), «Месяц» (запуск 2.1.1959, СССР).

т. 2, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)